Skip to main content
Headline
19 June 2024
Follow Us

100 гадоў з дня нараджэння Васіля Быкава:  Жыццё, творчасць і спадчына

19 June 2024

19 чэрвеня 2024 года адзначаецца 100 гадоў з дня нараджэння вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава. Гэта нагода яшчэ раз узгадаць пра яго жыццёвы шлях, унёсак у беларускую літаратуру і грамадскае жыццё, а таксама прэмію "За свабоду думкі", заснаваную ў яго гонар.

Жыццёвы шлях і творчасць Васіля Быкава

Васіль Уладзіміравіч Быкаў нарадзіўся 19 чэрвеня 1924 года ў вёсцы Бычкі Ўшацкага раёну Віцебскай вобласці. Яшчэ ў маладосці ён выявіў талент да мастацтва і паступіў у Віцебскую мастацкую вучэльню. Аднак яго юнацкія планы перарвала вайна, і ў 18 гадоў ён пайшоў на фронт падчас Другой сусветнай вайны. Вайну скончыў у Аўстрыі ў 1945 годзе, будучы двойчы параненым.

З 1947 года Васіль Быкаў працаваў мастаком у Гродне, дзе з 1956 па 1972 год быў супрацоўнікам газеты "Гродзенская праўда". У перыяд з 1972 па 1978 год займаў пасаду сакратара Гродзенскага аддзялення Саюза пісьменнікаў БССР.

Менавіта ў Гродне Васіль Быкаў напісаў свае найбольш вядомыя творы: "Жураўліны крык", "Трэцяя ракета", "Пастка", "Альпійская балада", "Мёртвым не баліць", "Сотнікаў", "Абеліск", "Дажыць да світання", "Воўчая зграя", "Круглянскі мост", "Пайсці і не вярнуцца". Яго творы з'яўляюцца класікай беларускай літаратуры і перакладзены на многія мовы свету.

Васіль Быкаў быў узнагароджаны Дзяржаўнай прэміяй СССР і быў абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР і народным дэпутатам Вярхоўнага Савету СССР. Герой Сацыялістычнай працы, старшыня Згуртавання беларусаў свету "Бацькаўшчына", сябра Саюза пісьменнікаў СССР, Народны пісьменнік БССР. Бескампраміснасць і сумленнасць яго прозы пастаянна станавілася прычынай нападаў савецкай крытыкі, якая абвінавачвала яго ў ачарненні савецкага ладу.

Васіль Быкаў памёр у 2003 годзе і быў пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.

Прэмія "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава

У гонар Васіля Быкава і яго вялікага ўнёску ў беларускую літаратуру і дэмакратычны рух у 2008 годзе была заснаваная прэмія "За свабоду думкі". Гэта прэмія штогод уручалася на радзіме пісьменніка ў вёсцы Бычкі на Віцебшчыне.

Ідэя прэміі ўзнікла пасля таго, як Аляксандр Мілінкевіч атрымаў у 2006 годзе Прэмію ім. А.Сахарава Еўрапарламенту "За свабоду думкі". Гэтая міжнародная ўзнагарода стала крыніцай і фінансавым фундаментам для заснавання аналагічнай беларускай прэміі, якая адзначае асобы, што праявілі сябе грамадскай і творчай дзейнасцю на карысць Беларусі і свабоды.

Лаўрэаты прэміі

Лаўрэатамі прэміі "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава ў розныя гады станавіліся:

  • Паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Ніл Гілевіч, Уладзімер Арлоў, Уладзімер Някляеў.
  • Літаратары і грамадскія дзеячы: Павал Севярынец.
  • Мастакі: Алесь Пушкін, Алесь Марачкін.
  • Краязнаўцы: Ада Райчонак, Алесь Белакоз.
  • Музыкі і выканаўцы: Лявон Вольскі, Зьміцер Вайцюшкевіч, бард і актор Віктар Шалкевіч.
  • Рэжысёр: Валер Мазынскі.
  • Грамадскі дзеяч: Зьміцер Дашкевіч.
  • Журналіст: Глеб Лабадзенка.

Аляксандр Мілінкевіч пра Васіля Быкава

Аляксандр Мілінкевіч у адным з інтэрв’ю адзначыў: “Васіль Быкаў і яго бескампрамісная праўда застаюцца назаўсёды з тымі, хто адстойвае сваю годнасць”. 

Гэтыя словы найлепш адлюстроўваюць велічыню і значнасць Васіля Быкава для беларускай нацыі і культуры. Яго жыццё і творчасць былі і застаюцца маяком для ўсіх, хто змагаецца за свабоду, дэмакратыю і права на годнае жыццё.

Вольны Беларускі Ўніверсітэт ганарыцца магчымасцю шанаваць гісторыю і спадчыну вялікага беларускага пісьменніка Васіля Быкава, а таксама падтрымліваць і развіваць яго ідэі праз прэмію "За свабоду думкі". Далучайцеся да нашых ініцыятываў і будзьце часткай руху за свабодную і дэмакратычную Беларусь.

 

We use cookies

We use cookies on our website. Some of them are essential for the operation of the site, while others help us to improve this site and the user experience (tracking cookies). You can decide for yourself whether you want to allow cookies or not. Please note that if you reject them, you may not be able to use all the functionalities of the site.