Skip to main content
Headline
15 December 2024
Follow Us

Станіслаў Шушкевіч: чалавек, які адкрыў новую старонку беларускай гісторыі

15 December 2024

Сёння мы ўзгадаем Станіслава Шушкевіча – выбітнага палітычнага і грамадскага дзеяча, першага кіраўніка незалежнай Беларусі і аднаго з заснавальнікаў Вольнага Беларускага Ўніверсітэта.

Ён нарадзіўся 15 снежня 1934 года, і ў гэты дзень варта нагадаць яго жыццёвы шлях, прынцыповасць і вялікую ролю ў станаўленні дэмакратычнай Беларусі.

Станіслаў Шушкевіч увайшоў у гісторыю як адзін з архітэктараў незалежнасці Беларусі. Ён стаў адным з трох падпісантаў Белавежскіх пагадненняў у снежні 1991 года, якія паклалі канец існаванню Савецкага Саюза і абвясцілі Беларусь незалежнай дзяржавай. Гэта быў ключавы момант у нашай гісторыі, калі Беларусь упершыню зрабіла свой выбар на карысць самастойнасці і свабоды.  Ён быў чалавекам дэмакратычных перакананняў, які верыў у будучыню сваёй краіны як незалежнай і еўрапейскай дзяржавы.

Шушкевіч быў не толькі палітычным лідарам, але і выбітным навукоўцам, які дасягнуў поспехаў у фізіцы і педагогіцы. Ён напісаў больш за 150 навуковых прац і выхаваў некалькі пакаленняў студэнтаў. Яго інтэлектуальная спадчына спалучалася з ясным разуменнем каштоўнасцей адукацыі і свабоды думкі.

Станіслаў Шушкевіч быў адным з тых, хто стаяў ля вытокаў Вольнага Беларускага Ўніверсітэта – установы, якая дае магчымасць беларусам атрымліваць адукацыю на аснове каштоўнасцей свабоды, праўды і дэмакратыі. Яго ўдзел у стварэнні ВБЎ стаў лагічным працягам ягонага жыццёвага прынцыпу: веды і адукацыя – ключ да свабоднага грамадства.

Станіслаў Шушкевіч быў чалавекам вялікай маральнай сілы, які ніколі не зракаўся сваіх прынцыпаў, нават у самыя цяжкія часы. Яго жыццёвы шлях – гэта прыклад самаадданасці, мудрасці і непахіснай веры ў дэмакратычную будучыню Беларусі.

Светлая памяць чалавеку, які верыў у свабоду і адукацыю як аснову новага грамадства!

 

We use cookies

We use cookies on our website. Some of them are essential for the operation of the site, while others help us to improve this site and the user experience (tracking cookies). You can decide for yourself whether you want to allow cookies or not. Please note that if you reject them, you may not be able to use all the functionalities of the site.