Skip to main content
Headline
28 April 2023
Follow Us

Выступ Aляксандра Мілінкевіча на канферэнцыі “Эўропа Карпат”

03 March 2023

24-26 лютага ў Красічыне прайшла 35-я канфэрэнцыя «Эўропа Карпат». У дыскусіях узялі ўдзел польскія і замежныя палітыкі, экспэрты і навукоўцы.

У дыскусыйнай панэлі «Рэалізм і каштоўнасьці ў Цэнтральнай Эўропе» ўзяў удзел канцлер Вольнага Беларускага Ўнівэрсытэту Аляксандр Мілінкевіч. Ён быў запрошаны на канфэрэнцыю кіраўніком канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Марэкам Кухціньскім і віцэ-спікерам Польскага Сэйму Рышардам Тэрлецкім. Падчас канфэрэнцыі Аляксандр Мілінкевіч таксама меў магчымасьць правесьці двухбаковую сустрэчу зь міністрам адукацыі і навукі Польшчы прафэсарам Пшэмыславам Чарнэкам пасьля двухгадзіннай дыскусыі рэктараў і прафэсараў польскіх і ўкраінскіх унівэрсытэтаў пра інтэрнацыялізацыю сыстэмаў адукацыі і выкарыстаньне сучасных лічбавых тэхналёгіяў у ВНУ.

Тэкст выступу Аляксандра Мілінкевіча.

 

Гістарычныя лёсы Ўкраіны і Беларусі вельмі падобныя і ўзаемазьвязаныя. Для Крамля, Беларусь, як і Ўкраіна, – гэта частка гістарычнае Расеі, якая павінна заставацца пад поўным расейскім кантролем. Гэтак як і ўкраінцаў, беларусаў Крэмль не прызнае за асобны народ.


Украіна сёньня бароніць ня толькі сябе, але і цывілізаваны сьвет ад расейскай агрэсіі. Сваю бясьпеку і гарантыю далейшага мірнага разьвіцьця яна бачыць у эўрапейскай інтэграцыі і далучэньні да Эўрапейскага зьвязу і НАТО. Заходнія партнэры Ўкраіны паступова прызнаюць жыцьцёвую неабходнасьць такога шляху для Ўкраіны. Украіна разам з Малдовай атрымала статус краіны-кандыдата ў ЭЗ, і мае ўсе шанцы стаць сябрам НАТА. Такую ж пэрспэктыву трэба прадугледзець і для Беларусі.


Праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне Пуціна Беларусь з большага найчасцей разглядацца ў кантэксьце пагрозы для Ўкраіны, разам з тым, гэта вельмі важная краіна як у кантэксьце спыненьня агрэсіі Расеі. Без эўрапейскай і эўраатлянтычнай інтэграцыі Украіны, Малдовы і Беларусі немагчыма канчаткова перамагчы маскоўскі неаімпэралізм. Усе тры гэтыя краіны, гэта значыць, і Беларусь з’яўляюцца ключавымі краінамі для сыстэмы бясьпекі ў рэгіёне.

Далучэньне Беларусі да Эўразьвязу дазволіць забясьпечыць незваротнасьць існаваньня незалежнае беларускае дэмакратычнае дзяржавы ды ўсталяваць сапраўды добрасуседзкія дачыненьні з Расеяй, якія будуць базіравацца не на марах пра аднаўленьне СССР, а на ўзаемнай карысьці і павазе да агульнадэмакратычных каштоўнасьцяў.
Ці ёсьць у беларусаў шанец вярнуцца ў Эўропу?


Якое сучаснае беларускае грамадзтва? Ці можа яно прымаць вырашальныя геапалітычныя рашэньні, якія вызначаюць лёс нацыі? Думаю, у значнай ступені так.


У 2020 годзе сотні тысяч беларусаў, якія выйшлі на вуліцы па ўсёй краіне, каб абараніць сваю годнасьць, паказалі сусьвету, і перш за ўсё сабе, што яны нацыя, а не постсавецкае грамадзтва; што яны эўрапейцы, якія жадаюць жыць у дэмакратыі і свабодзе, самі выбіраць урад, вырашаць свой лёс і лёс сваіх дзяцей. Безумоўна, гэта вельмі важны момант у нашай найноўшай гісторыі, але нельга жыць толькі гэтай падзеяй. Мы павінны думаць пра заўтра і пасьлязаўтра; што нам рабіць, каб выйграць бітву за Беларусь. Якой павінна быць краіна пасьля Лукашэнкі, да якіх стандартаў трэба імкнуцца, якую мадэль дзяржавы абраць.

Беларусы павінны адукаваць і структурызаваць новую грамадзянскую супольнасьць, якая нарадзілася падчас пратэстаў 2020 года; падрыхтаваць яе да абароны права жыць на сваёй зямлі, паводле сваіх правілаў і традыцыяў, паводле сваёй волі. Мы павінны выхоўваць кадры беларускага дзяржаўнага і мясцовага кіраваньня і гаспадарчых кіраўнікоў.


Беларускім дэмакратам патрэбныя новыя акцэнты ў міжнароднай палітыцы. Нам неабходна пераканаць нашых заходніх партнэраў, што наша краіна на дадзены момант найбольш пэрспэктыўная для дэмакратычных, эканамічных і сацыяльных рэформаў, што мы можам і павінны стаць донарамі бясьпекі ва Ўсходняй Эўропе. Неабходна пастаянна нагадваць, што беларусы маюць эўрапейскую гісторыю, культуру і традыцыі, эўрапейскі мэнталітэт; што яны эўрапейскага паходжаньня і хочуць вярнуцца ў сваю сям’ю; што мы вельмі працавітая і законапаслухмяная нацыя, у нас высокі ўзровень адукацыі, перш за ўсё тэхнічнай і інжынэрнай, сучасная інфраструктура хуткаснага інтэрнэту і аўтамабільных дарог, даўнія сельскагаспадарчыя традыцыі. У Беларусі ад часоў перабудовы добра разьвіта грамадзянская супольнасьць як у цэнтры, так і ў рэгіёнах, якая ўмее супрацоўнічаць паміж сабою і кансалідавацца. У нас шмат спэцыялістаў, якія атрымалі адукацыю на Захадзе, якія ведаюць як праводзіць рэформы, і ўжо працуюць над праграмамі трансфармацыі ў Беларусі.

Незалежнасьць Беларусі зьяўляецца адной з гарантыяў бясьпекі Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы. У доўгатэрміновых інтарэсах нашых суседзяў – падтрымліваць праэўрапейскія настроі ў нашай краіне і выхоўваць эліту, якая будзе імкнуцца адкрыць Беларусь Эўропе.


Пасьля маскоўскай агрэсіі Ўкраіна застанецца незалежнай нават у самым горшым выпадку, хаця б дзякуючы сіле свайго нацыянальнага супраціву. Беларусь з-за нерэфармаванай эканомікі і меншага пачуцьця асобнасьці больш успрымальная да расійскай праграмы рэканкісты, чым Украіна, і таму барацьба за тое, каб Расія не паглынула Беларусь, павінна быць прыярытэтам зьнешняй палітыкі аб’яднанае Эўропы.


Сёньня дзейнасьць Польшчы і Эўразьвязу адносна Беларусі мусіць ісьці перш за ўсё ў двух кірунках: падтрымка незалежных мэдыяў, перш за ўсё тэлеканалу «Белсат», «Радыё Рацыя» і найбольш папулярных незалежных інтэрнэт-парталаў, і фармаваньне шырокай будучай праэўрапейскай эліты.


Інвэстыцыі ў людзей і сыстэму іх каштоўнасьцяў расьцягваюцца на гады, патрабуюць цярпеньня і пасьлядоўна рэалізаваных доўгатэрміновых дзяржаўных праграмаў. Аднак гэтыя інвэстыцыі даюць найбольшую дабаўленую вартасьць – яны ствараюць клімат бясьпекі, разуменьня і жаданьне супрацоўнічаць.

Польшча шмат гадоў падтрымлівае адукацыйныя праекты, накіраваныя на Беларусь і беларусаў. Адна з іх – праграма польскага ўраду імя Каліноўскага для адлічаных па палітычных матывах беларускіх студэнтаў, якая паўстала яшчэ ў 2006 годзе. Акрамя таго, ужо два гады дзейнічае Вольны Беларускі Ўнівэрсытэт, задачай якога зьяўляецца стварэньне трансгранічнай інклюзыўнай эўрапейскай плятформы электроннага навучаньня для беларусаў, на аснове якой ў будучыні плянуецца трансфармаваць у беларускі лічбавы ўнівэрсытэт. Стратэгічнай мэтай гэтага праекту з’яўляецца падрыхтоўка кадраў для будучага кіраваньня дэмакратычнай беларускай дзяржавай, заснаваная на патэнцыяле заходніх унівэрсытэтаў, з улікам досьведу рэформаў у Польшчы і іншых новых краінах-сябрах Эўразвязу, з выкарыстаньнем сучасных тэхналёгіяў навучаньня.


Нягледзячы на вайну і жорсткія рэпрэсіі ў Беларусі, грамадзянская супольнасьць краіны рыхтуецца да правядзеньня структурных пераменаў.

We use cookies

We use cookies on our website. Some of them are essential for the operation of the site, while others help us to improve this site and the user experience (tracking cookies). You can decide for yourself whether you want to allow cookies or not. Please note that if you reject them, you may not be able to use all the functionalities of the site.