Przejdź do głównej treści
Headline
24 kwiecień 2024
Follow Us

Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўрапейскага зьвязу

24 kwiecień 2024

Вольны Беларускі Ўніверсітэт абвяшчае  набор на курс «Інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўрапейскага зьвязу». 

Выкладчык - магістр Алесь Лагвінец (Aleś Łahviniec). 

  • Прыём заявак працягваецца да 13.05.2024 (23:59:59 CET). 
  • Навучанне на курсе бясплатнае.

У рамках курсу вывучаюцца інтэграцыйныя працэсы ды інстытуцыі Эўразьвязу. Асноўная мэта курсу – прадставіць дэталёвую карціну палітычных працэсаў і асноўных палітык Эўразьвязу, паказаць асноўныя мадэлі і характэрныя рысы эвалюцыі ЭЗ, разьвіць у слухачоў навыкі аналізу эўрапейскіх інтэграцыйных працэсаў.


Мова выкладання: беларуская з большай часткай матэрыялаў на ангельскай; 

Працягласць курсу:  30 акадэмічных гадзінаў;  

Фармат правядзення курсу: анлайн на базе Moodle;

Час правядзення заняткаў: 18:30-20:00 CET

Пачатак навучання: 16 мая 2024.

На каго разлічаны курс: 

студэнты старэйшых курсаў або маладыя спэцыялісты гуманітарных спэцыяльнасьцяў з (вельмі пажадана) дастатковым узроўнем валоданьня ангельскай мовай.

Апісанне курсу:

У першай частцы курсу разглядаюцца тэарэтычныя падыходы да азначэньня інтэграцыі, гісторыя ўзьнікненьня і разьвіцьця эўрапейскай інтэграцыі, паўставаньне і функцыі асноўных інстытуцыяў ЭЗ.

Другая частка прысьвечаная разгляду абсягу права ЭЗ, стасунку паміж нацыянальным і наднацыянальным правам, а таксама ключавым ды найбольш прасунутым сфэрам інтэграцыі, дзе кампэтэнцыя наднацыянальных органаў найбольшая.

У трэцяй частцы разглядаецца пытаньне глябальнай ролі і зьнешняй палітыкі ЭЗ, а таксама аналізу актуальнага разьвіцьця інтэграцыйных працэсаў у ЭЗ, абумоўленага агрэсіяй Расіі супраць Украіны, наступствам выйсьця Вялікабрытаніі з ЭЗ, а таксама пошукам адказаў на выклікі, зьвязаныя з крызісам прасторы эўра, пандэміяй COVID19, масавай міграцыяй і ростам папулярнасьці ў ЭЗ палітычных сілаў, што ставяць пад пытаньне здабыткі інтэграцыі, а таксама выклікамі. Заключная частка курсу будзе прысьвечаныя гісторыі і актуальным пытаньням ўзаемаадносінаў паміж Беларусьсю і аб’яднанай Эўропай.

Па заканчэнні гэтага курса студэнты змогуць крытычна аналізаваць:

● працэсы эўрапейскай інтэграцыі;

● функцыянаваньне ЭЗ як палітычнай сыстэмы;

● працэс выпрацоўкі палітыкі ЭЗ;

● ролю ЭЗ у сьвеце і ў рэгіёне Ўсходняй Эўропы;

● стан і выклікі дачыненьняў паміж ЭЗ і Беларусьсю.

План заняткаў: 

  1. Дэфініцыі інтэграцыі. Нацыянальны сувэрэнітэт і яго эвалюцыя ў рамках ЭЗ. Мэты і асноўныя рысы інтэграцыі.
  2. Сьціслая гісторыя эўрапейскай ідэі і перадумоваў эўрапейскай інтэграцыі.
  3. Асноўныя вехі гісторыі эўрапейскае інтэграцыі.
  4. Тэарэтычныя падыходы да эўрапейскае інтэграцыі. Фэдэралізм. Функцыяналізм ды нэа-функцыяналізм, трансакцыянізм. Узаемазалежнасьць. Рэалізм. Міжурадавае супрацоўніцтва. Інстытуцыяналізм. Шматузроўневае кіраваньне і самакіраваньне.
  5. Эўразьвяз як палітычная сыстэма. Функцыянаваньне палітычнае сыстэмы Эўразьвязу: акторы ды інстытуцыі.
  6. Інстытуцыйны лад і працэс прыняцьця рашэньняў у ЭЗ. Субнацыянальныя, нацыянальныя ды наднацыянальныя акторы. Пытаньне легітымнасьці і грамадзкай падтрымкі эўрапейскай інтэграцыі.
  7. Праўная сыстэма ЭЗ. Крыніцы супольнасьцёвага права ЭЗ. Абсяг ды сфэры кампэтэнцыі ЭЗ. Стасунак нацыянальнага ды супольнасьцёвага права. Эўрапеізацыя і яе межы.
  8. Фінансаваньне ЭЗ. Бюджэт ды супольнасьцёвыя палітыкі.
  9. Эканамічны ды грашовы зьвяз у межах ЭЗ. Этапы эканамічнае інтэграцыі. Эўра і ЦЭБ. Крызіс эўразоны, спробы пабудовы “фіскальнага зьвязу” і пытаньня ўзаемнага прызнаньня дзяржаўных пазыкаў.
  10. Асноўныя палітыкі ЭЗ. Агульная сельскагаспадарчая палітыка і спробы яе рэфармаваньня. Рэгіянальная/структурная палітыка ў ЭЗ.
  11. Эўразьвяз у сусьветнай палітыцы. Гандлёвая палітыка. Эўразьвяз як soft power. Супольная замежная палітыка. Пэспэктывы пабудовы “эўрапейскага сувэрэнітэту” ў сфэры бясьпекі і абароны.
  12. Сёньняшнія выклікі для далейшай інтэграцыі і адказ ЭЗ на крызісы brexit, эўразоны, масавай міграцыі ў ЭЗ, каранавіруса і паўставаньня іншых глябальных цэнтраў сілы і эканамічнага росту.
  13. Адказ ЭЗ на агрэсію Расеі супраць Украіны. Эўрапейская інтэграцыя Ўкраіны.
  14. Эўразьвяз ды Беларусь: гісторыя дачыненьняў ды сёньняшні стан. Усходняе партнэрства і Беларусь. Дыялёг ці санкцыі: эўрапейскія пэрспэктывы.
  15. Заключны тэст.